Дацкія кругавыя замкі
Дацкія кругавыя замкі (нарв.: trelleborg) — абагульняльнае паняцце для шасці фартоў круглай формы эпохі вікінгаў. Сляды ваенных лагераў вікінгаў падобнай формы захаваліся ў Даніі (чатыры аб'екты) і паўднёвай частцы Швецыі (два аб'екты).
Паводле канструкцыі кругавыя замкі былі акружнасцю, абнесенай валам. Унутраная прастора падзялялася на чатыры роўныя часткі дзвюма перпендыкулярнымі вуліцамі. Злева і справа вуліц стаялі так званыя доўгія дамы. Паводле апісання А. Я. Гурэвіча, «уяўляюць сабой групы пабудоў, абнесеныя канцэнтрычнымі землянымі валамі і размешчаных каля марскога берага ў месцы, зручным для стаянкі караблёў».
У датаванні дацкіх круглых замкаў ёсць пэўныя цяжкасці. Большасць даследчыкаў адносіць будаўніцтва да 2-й паловы X ст. (уладарства Харальда Сінязубага), што пацвярджаюць і даныя дэндрахраналогіі. Шэраг даследчыкаў трымаецца думкі, што замкі былі пабудаваны па загаду Свена Вілабародага для збору войска перад паходам на Лондан у 1013 годзе.
У іншых мовах дацкім кругавым замкам можа адпавядаць паняцце трэлебарг (па назве першага знойдзенага замка гэтага тыпу). Да дацкіх кругавых замкаў некаторыя даследчыкі адносяць і паўміфічны Ёмсбарг.
Вядомыя на сёння замкі
[правіць | правіць зыходнік]Назва | Вобласць | Вал | Дамы | Карта кругавых замкаў | ||
---|---|---|---|---|---|---|
Дыяметр[1] | Шырыня | Кол-ць | Даўжыня | |||
Aggersborg (Агерсбарг) | Ютландыя (Лім-фіёрд) | 288м | 11м | 48 | 32,0м | |
Borgeby (Боргебю) | Сконэ | 150м | 15м | |||
Fyrkat (Фюркат) | Ютландыя (Хобра) | 120м | 13м | 16 | 28,5м | |
Nonnebakken (Нонебакен) | Фюн (Одэнсэ) | 120м | ||||
Trelleborg (Трэлебарг) | Зеландыя (Слагельсэ) | 136м | 19м | 16 | 29,4м | |
Trelleborg (Трэлебарг) | Сконэ | 125м |
Першым быў выяўлены і даследаваны Трэлебарг (літаральна «замак рабоў»[2]) каля дацкага горада Слагельсэ падчас раскопак 1936—1941 гадоў. Знешні вал таўшчынёй 18 метраў уяўляў сабой правільную акружнасць дыяметрам 136 метраў, вывераную з дакладнасцю да некалькіх сантыметраў[3]. Падлічана, што адхіленне ад геаметрычнага круга не перавышае 0,5 %. У сярэдзіне лагера меркавана размяшчалася вартаўнічая вышка.
Унутры акружнасці ў паўночна-паўднёвым і заходне-ўсходнім кірунку былі пракладзены драўляныя маставыя. Адпаведна, прасечаныя ў валах вароты былі арыентаваны на чатыры бакі свету. У кожным з чатырох сектараў круга стаяў доўгі дом. Дамы былі размешчаны перпендыкулярна адзін да аднаго і ўтваралі правільны квадрат з унутраным дваром.
Самы буйны лагер быў выяўлены археолагамі каля Агерсбарга. Дыяметр яго акружнасці перавышае 240 метраў. Як і іншыя падобныя збудаванні, ён быў разбіты ў месцы, якое дазваляла кантраляваць жыццёва важныя марскія шляхі.
У 2014 годзе на захад ад горада Кёгэ на востраве Зеландыя была выяўлена круглая крэпасць Вале Боргрынг дыяметрам 145 метраў[4]. Замак мог быць пабудаваны ва ўладарства караля Даніі і Нарвегіі Харальда I Сінязубага або яго сына — Свена I Вілабародага, які заваяваў Англію[5].
Зноскі
- ↑ Унутраны дыяметр вала
- ↑ стар.-сканд.: træl — раб
- ↑ А. Я. Гуревич. «Существовал ли Йомсборг?»
- ↑ У Даніі знойдзена новая крэпасць вікінгаў эпохі Харальда Сінязубага
- ↑ У Даніі адкрылі новую крэпасць вікінгаў
Спасылкі
[правіць | правіць зыходнік]- На Вікісховішчы ёсць медыяфайлы па тэме Дацкія кругавыя замкі
- Від лагера каля Агербарга ў Google Maps
- Від лагера Трэлебарг у Google Maps